1Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда, калі прыйшлі Зіфеі і сказалі Саўлу: «Ці ж гэта не Давід схаваўся ў нас?» Божа, імем Тваім збаў мяне, і магутнасьцю Тваёю вядзі справу маю!
2Божа, пачуй малітву маю, прыхілі вуха да словаў вуснаў маіх!
3Бо чужынцы паўсталі супраць мяне, і моцныя шукаюць душы маёй; яны ня маюць Бога перад сабою. (Сэлях)
4Вось, Бог — дапамога мая; Госпад падтрымлівае душу маю.
5Зьвяртаючыся, зьвернецца ліха на ворагаў маіх. У праўдзе Тваёй Ты вынішчы іх!
6Тады ахвотна буду складаць ахвяры Табе; буду славіць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, бо Ты — добры!
7Бо Ты вызваліў мяне ад усіх трывогаў, і на [загубу] ворагаў маіх глядзелі вочы мае.