1Сьпеў. Псальм сыноў Караха. Вялікі ГОСПАД і вельмі хвалёны ў горадзе Бога нашага, на гары сьвятасьці Сваёй.
2Прыгожае ўзьнясеньне, аздоба ўсёй зямлі, гара Сыён на схілах паўночных, горад вялікага Валадара.
3Бог у палацах ягоных вядомы як умацаваны замак [яго].
4Бо вось, валадары сабраліся, падыйшлі грамадою,
5але, угледзеўшы, аслупянелі, спалохаліся, зьбянтэжыліся.
6Дрыжаньне ахапіла іх, болі, як у жанчыны, што нараджае.
7Ты ветрам усходнім скрышыў караблі з Таршышу.
8Як чулі мы гэта, гэтак і бачылі ў горадзе ГОСПАДА Магуцьцяў, у горадзе Бога нашага. Бог умацаваў яго на вякі. (Сэлях)
9Мы разважаем, Божа, пра міласэрнасьць Тваю пасярод сьвятыні Тваёй.
10Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — аж да ўзьмежкаў зямлі; правіца Твая напоўнена праведнасьцю.
11Весяліцца гара Сыён, радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх.
12Станьце наўкола Сыёну, абыйдзіце вакол яго, палічыце вежы ягоныя,
13прылажыце сэрца сваё да валоў ягоных, агледзьце палацы ягоныя, каб абвясьціць пакаленьням, якія будуць,
14што гэты Бог ёсьць Бог наш на вякі вечныя, і Ён будзе весьці нас аж да сьмерці.