1Псальм Давіда. Напамін. ГОСПАДЗЕ, у абурэньні Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!
2Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і лягла на мяне рука Твая.
3Няма цэлага месца ў целе маім дзеля гневу Твайго, няма супакою ў костках маіх дзеля грэху майго.
4Бо правіны мае ўзьняліся вышэй галавы маёй, як бярэмя цяжкое яны абцяжарваюць мяне.
5Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае дзеля дурасьці маёй.
6Я скрывіўся, моцна схіліўся, усе дні ў смутку хаджу,
7бо сьцёгны мае напоўненыя распаленымі [ранамі], і няма цэлага месца ў целе маім.
8Я зьнямогся і моцна скрышаны, я выю дзеля енку сэрца майго.
9Госпадзе мой, перад Табою ўсё жаданьне маё, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.
10Сэрца маё трапечацца; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — няма яго ў мяне.
11Тыя, што любілі мяне, і бліжнія мае стаяць насупраць ранаў маіх, і сваякі мае стаяць здалёк ад мяне.
12Тыя, што шукаюць душу маю, ставяць сіло [на мяне]; а тыя, што жадаюць ліхога для мяне, гавораць пра згубу маю і ўвесь дзень задумваюць падступнасьць.
13А я, быццам глухі, ня чую, і быццам нямы, які не расчыняе вуснаў сваіх.
14І стаўся я, быццам чалавек, які ня чуе, і няма дакараньня ў вуснах ягоных.
15Бо на Цябе, ГОСПАДЗЕ, я спадзяюся; Ты адкажаш, Госпадзе, Божа мой!
16Бо я сказаў: «Няхай яны ня радуюцца з мяне! Калі пахіснулася нага мая, няхай яны не вывышаюцца нада мною».
17Бо я блізкі да падзеньня, і боль мой заўсёды перада мною.
18Бо беззаконьне маё я апавядаю, сумую дзеля грэху майго.
19А ворагі мае жывыя і ўзмацняюцца, і шматлікімі сталі тыя, якія няслушна мяне ненавідзяць.
20Яны плацяць мне злом за дабро; яны супрацьстаяць мне, бо я за добрым ганюся.
21Не пакінь мяне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, не аддаляйся ад мяне!
22Пасьпяшайся на ўспамогу мне, Госпадзе мой, выратаваньне маё!