1Малітва прыгнечанага, калі ён зьнемагае і перад ГОСПАДАМ вылівае смутак свой. ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, і лямант мой няхай дойдзе да Цябе!
2Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень уціску, прыхілі да мяне вуха Тваё ў дзень, калі клічу; хутчэй адкажы мне.
3Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае выпаленыя як у гарне.
4Скошанае як трава і высахлае сэрца маё, ажно забываюся я есьці хлеб свой.
5Ад голасу ўздыханьня майго косткі мае прыляпіліся да цела майго.
6Я падобны да пэлікана ў пустыні, стаўся як пугач сярод спусташэньня.
7Я ня сплю і стаўся як птушка самотная на даху.
8Увесь дзень зьневажаюць мяне ворагі мае; тыя, што сьмяюцца з мяне, запрысягнуліся супраць мяне.
9Бо я ем попел як хлеб, і напой мой са сьлязьмі мяшаю
10праз гнеў [Твой] і абурэньне, бо Ты падняў мяне і кінуў.
11Дні мае, быццам цені, зьнікаюць, і я сохну, быццам трава.
12А Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш жыць на вякі, і памяць Твая — з пакаленьня ў пакаленьне.
13Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо час дараваць яму, бо прыйшла пара.
14Бо слугі Твае маюць ласку да камянёў ягоных і літасьць — над пылам ягоным.
15І будуць баяцца народы імя ГОСПАДА, і ўсе валадары зямныя — славы Тваёй,
16бо адбудаваў ГОСПАД Сыён і даў убачыць Сябе ў славе Сваёй.
17Ты прыхіліўся да малітвы прыніжанага і не пагардзіў малітвамі іхнімі.
18Будзе запісана гэта для пакаленьня наступнага, і народ, які будзе створаны, будзе хваліць ГОСПАДА,
19бо Ён глянуў з вышыні сьвятасьці Сваёй, паглядзеў ГОСПАД з нябёсаў на зямлю,
20каб пачуць стогны вязьня, каб вызваліць сыноў, сказаных на сьмерць,
21каб апавядалі на Сыёне імя ГОСПАДА, і хвалу Ягоную — у Ерусаліме,
22калі разам зьбяруцца народы і валадарствы, каб служыць ГОСПАДУ.
23Змардаваў Ён у дарозе сілу маю, скараціў дні мае.
24Я кажу: «Божа мой, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! З пакаленьня ў пакаленьне гады Твае!
25Здаўна Ты заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх.
26Яны згінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як адзеньне, спарахнеюць, як вопратку іх пераменіш, і яны пераменяцца;
27а Ты — Той самы, і гады Твае ня маюць канца!
28Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхняе будзе ўмацаванае перад абліччам Тваім».