1Ці можаш ты Левіятана выцягнуць кручком і вяроўкаю схапіць яго за язык?
2Ці ўложыш ты трысьціну ў ноздры ягоныя або ці праколеш пашчэнку ягоную цярнінай?
3Ці будзе ён дужа прасіць цябе або гаварыць да цябе лагодна?
4Ці заключыць ён з табою запавет, і ты возьмеш яго як слугу навечна?
5Ці пагуляеш ты з ім, як з птушкаю, або прывяжаш яго для дачок сваіх?
6Ці ты справіш над ім частаваньне супольнае, і ці падзеляць яго між купцамі?
7Ці зможаш прабіць скуру ягоную дзідаю, а галаву ягоную — восьцямі рыбацкімі?
8Палажы на яго руку тваю, і рыхтуйся да бою, бо болей [гэтага] ня зробіш.
9Вось, спадзяваньне тваё фальшывае. На выгляд ягоны ты ўпадзеш.
10Няма сьмелых, каб будзіць яго. А хто тады можа стаць перад абліччам Маім?
11Хто стане перада Мною, і застанецца цэлым? Пад усім небам ён — Мой.
12Ня буду маўчаць пра часткі цела яго, пра сілу і прыгажосьць іхнюю.
13Хто можа адкрыць аблічча адзеньня ягонага, і хто падыйдзе да падвойных сківіцаў ягоных?
14Хто можа адкрыць браму аблічча ягонага? Навокал зубоў ягоных жах!
15Сьпіна ягоная — як моцныя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай.
16Адзін з адным злучаныя, нават паветра праз іх ня пройдзе.
17Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, і нельга разьдзяліць іх.
18Чханьне ягонае бліскае сьвятлом, а вочы ягоныя — як павекі зараніцы.
19З пашчы ягонай выходзіць полымя, выскокваюць іскры агністыя.
20З ноздраў ягоных выходзіць дым, як з гаршчка нагрэтага, што кіпіць.
21Подых ягоны распальвае вуглі, і з пашчы ягонай выходзіць полымя.
22У шыі ягонай начуе сіла, і перад ім жах уцякае.
23Мяса нутра ягонага сьціснутае, цьвёрдае, не здрыганецца.
24Сэрца ягонае цьвёрдае, як камень, цьвёрдае, як ніжні камень млынавы.
25Калі ён устае, дрыжаць асілкі, і хаваюцца ад жаху.
26Меч, які кранецца яго, не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані рагаціна.
27Жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за дрэва гнілое.
28Не палохае яго сын луку, і камень з пушчалкі яму як сена.
29Доўбня яму як сьцяблінка, і сьмяецца ён з дзіды, што ляціць.
30Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць як у балоце.
31Ён глыбіню водаў разаграе як кацёл, і мора ператварае ў кіпень.
32За сабой пакідае сьветлую сьцежку, і бездань падаецца сівізною.
33Няма яму роўнага на зямлі, ён створаны бясстрашным.
34На ўсё магутнае ён глядзіць з вышыні, ён — валадар над усімі сынамі пыхлівасьці».