1І адказаў ГОСПАД Ёву, і сказаў:
2«Ці той, хто спрачаецца з Усемагутным, будзе вучыць? Той, хто вінаваціць Бога, няхай адкажа».
3І адказаў Ёў ГОСПАДУ, і сказаў:
4«Вось, я, нікчэмны, што магу Табе адказаць? Я кладу руку маю на вусны мае.
5Раз я гаварыў, і гэтага не паўтару, і другі раз, але нічога не дадам».
6І адказаў ГОСПАД Ёву з віхуры, і сказаў:
7«Падперажы, як мужчына, сьцёгны твае. Я буду пытацца ў цябе, а ты тлумач Мне.
8Ці хочаш ты зьнішчыць суд Мой? Ці ты асудзіш Мяне, каб сябе апраўдаць?
9Калі ты маеш рамяно, як Бог, і калі ты падобным голасам грыміш, як Ён,
10тады апраніся ў маестат і велічнасьць, і адзенься ў годнасьць і красу.
11Зьяві ярасьць гневу твайго, і паглядзі на ўсіх пыхліўцаў, і ўпакор іх.
12Глянь на ўсіх пыхліўцаў, і асаром іх, і выгубі бязбожных на месцах іхніх.
13Пахавай іх разам у пыле, і абліччы іхнія закрый цемраю.
14І Я таксама буду славіць цябе, калі правіца твая дапаможа табе.
15Вось, бегемот, якога Я стварыў, як і цябе, і есьць ён траву як вол.
16Вось, сіла ягоная — у сьцёгнах ягоных, і моц ягоная — у цягліцах жывата ягонага.
17Ён круціць хвастом сваім, як кедрам, жылы сьцёгнаў ягоных моцна сплецены.
18Косткі ягоныя — як трубы мядзяныя, і ногі ягоныя — як пруты жалезныя.
19Ён ёсьць пачаткам шляхоў Божых. Толькі Той, Хто стварыў яго, можа паднесьці да яго меч.
20Горы прыносяць ежу яму, і ўсе зьвяры палявыя гуляюць там.
21Ён сьпіць пад ценем лотасу, схаваўшыся ў трысьнягу і дрыгве.
22Лотасы хаваюць яго ў ценю сваім, атачаюць яго вербы пры ручаі.
23Калі рака ўздымаецца, ён не баіцца, ён бясьпечны, хоць Ярдан даходзіць да пашчы ягонай.
24Ці можа хто ўзяць яго на вачах ягоных? Ці можаш пракалоць яму ноздры гакам?