1Сьпеў. Псальм сыноў Караха. Кіраўніку хору: на лад сумны, суцішаны. Навучаньне Гэмана Эзрахі. ГОСПАДЗЕ, Божа збаўленьня майго! Удзень я крычу, і ўначы я перад Табою!
2Няхай прыйдзе перад аблічча Тваё малітва мая; прыхілі вуха Тваё да галашэньня майго.
3Бо перасычана ліхоцьцем душа мая, і жыцьцё маё дакранаецца да пекла.
4Я залічаны да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся, як чалавек, які сілы ня мае.
5Сярод памёршых, свабодны, падобны да забітых, што ляжаць у магіле, якіх Ты ўжо ня ўзгадваеш, і адсечаны яны ад рукі Тваёй.
6Ты кінуў мяне ў яму найглыбейшую, у месца цёмнае, у глыбіню.
7Націснула на мяне ярасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі прыціснуў Ты мяне. (Сэлях)
8Ты аддаліў ад мяне знаёмых маіх, Ты зрабіў мяне агідным для іх; я зьвязаны і выйсьці не магу.
9Самлела вока маё ад пакутаў; кожны дзень я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ, і выцягваю да Цябе рукі мае.
10Ці Ты зробіш цуд для памёршых? Ці нябожчыкі паўстануць і будуць славіць Цябе? (Сэлях)
11Ці будзе абвешчана ў магіле міласэрнасьць Твая, і вернасьць Твая — у [месцы] загубы?
12Ці ў цемры даведаюцца пра цуды Твае, і пра праведнасьць Тваю — у зямлі забыцьця?
13Але я галашу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, і раніцаю малітва мая сустракае Цябе.
14Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты пакінуў душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?
15З маленства я прыгнечаны і паміраю; пераносячы жахі Твае, я зьнямогся.
16Нада мною прайшоў жар [гневу] Твайго, пагрозы Твае вынішчаюць мяне,
17атачаюць мяне, як вада, кожны дзень, абступаюць мяне разам.
18Ты аддаліў ад мяне тых, што любяць [мяне], і бліжніх, знаёмыя мае — у цемры.