1Кіраўніку хору. Псальм Давіда. У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею, ня дай мне асароміцца на вякі, у праведнасьці Тваёй выратуй Ты мяне!
2Прыхілі да мяне вуха Тваё, хутчэй выратуй мяне! Будзь для мяне скалою, каб абаперціся [мне], домам умацаваным, каб збавіць мяне!
3Бо Ты — скала мая і замчышча маё, дзеля імя Твайго Ты будзеш весьці мяне і накіроўваць мяне.
4Ты мяне выцягнеш з сеці, якую таемна [наставілі] супраць мяне, бо Ты — апора мая.
5У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты выбавіў мяне, ГОСПАДЗЕ, Бог праўды.
6Ненавіджу я тых, што захоўваюць ілжывую марнасьць, бо я на ГОСПАДА спадзяюся.
7Я буду радавацца і весяліцца праз міласэрнасьць Тваю, бо Ты глянуў на пакуты мае, спазнаў трывогі душы маёй,
8і не аддаў мяне ў рукі ворага, паставіў ногі мае на вольны прастор.
9Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я — прыгнечаны. Ад тугі высахла вока маё, і душа мая, і нутро маё.
10Бо зьнікае ў смутку жыцьцё маё, і гады мае — ва ўздыханьні. Спатыкнулася ў беззаконьні маім сіла мая, і высахлі косткі мае.
11Я стаўся ганьбаю для ўсіх, што ўціскаюць мяне, і нават для суседзяў маіх, страхоцьцем — для знаёмых маіх; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае ад мяне.
12Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я стаўся як посуд разьбіты.
13Бо я чуў зласлоўе ад многіх, жах наўкола! Яны сабраліся разам супраць мяне, яны задумалі ліхое, каб забраць душу маю.
14Але я на Цябе спадзяюся, ГОСПАДЗЕ! Я кажу: «Ты — мой Бог!»
15У руцэ Тваёй час мой; выратуй мяне з рукі ворагаў маіх і тых, якія перасьледуюць мяне.
16Няхай сьвеціць аблічча Тваё над слугою Тваім; збаў мяне праз міласэрнасьць Тваю!
17ГОСПАДЗЕ, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я клічу! Няхай асаромяцца бязбожнікі, няхай яны змоўкнуць у пекле,
18няхай занямеюць вусны хлусьлівыя, якія кажуць дзёрзка супраць праведніка з пыхлівасьцю і пагардай!
19Якая вялікая добрасьць Твая, якую Ты захоўваеш для тых, што баяцца Цябе, і якую ўчыняеш тым, што маюць надзею ў Табе насуперак сынам чалавечым!
20Пад заслонай аблічча Твайго Ты хаваеш іх ад закалотаў людзкіх, Ты засланяеш іх, як у намёце, ад языкоў, якія звадку [прыносяць].
21Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён учыніў мне цуды міласэрнасьці ў горадзе ўмацаваным.
22А я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: «Я адкінуты ад вачэй Тваіх!» Але Ты пачуў голас маленьня майго, калі я галасіў да Цябе!
23Любіце ГОСПАДА, усе багабойныя Ягоныя! Верных захоўвае ГОСПАД, але тым, якія дзейнічаюць пыхліва, Ён адплочвае з лішкам.
24Будзьце цьвёрдыя і ўмацуйце сэрца вашае, вы, якія спадзяецеся на ГОСПАДА!