1Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда, які выказаў ГОСПАДУ словы сьпеву гэтага ў дзень, калі ГОСПАД вызваліў яго з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла, і ён сказаў [гэта]. Буду любіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сіла мая! ГОСПАД — скала мая, замчышча маё, мой Збаўца!
2Мой Бог — апора мая, у Ім я маю надзею; Ён — шчыт мой, рог збаўленьня майго і ўмацаваны замак мой!
3Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.
4Ахапілі мяне путы сьмерці, і віры Бэліяла стурбавалі мяне;
5путы пякельныя агарнулі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.
6У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных.
7І, дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны гор затрэсьліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
8Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы, вугольле распальваецца ад Яго.
9Нахіліў Ён неба і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.
10Ён сеў на херувіма і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.
11Ён зрабіў цемру заслонай Сваёй, вакол Яго — намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.
12Ад бляску перад Ім разыйшліся хмары Ягоныя, град і вугольле вогненнае.
13І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой, град і вугольле вогненнае.
14І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.
15І сталі бачныя рэчышчы водаў, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.
16Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,
17вызваліў мяне ад ворага майго моцнага і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны былі дужэйшыя за мяне.
18Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.
19І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.
20ГОСПАД даў мне паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх мне аднагародзіў,
21бо я захоўваў шляхі ГОСПАДА і не адступаў бязбожна ад Бога майго;
22бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся.
23Я быў беззаганны перад Ім і захоўваў сябе ад беззаконьня.
24І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх перад вачыма Ягонымі.
25З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,
26для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага Ты падступны,
27бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.
28Ты запаліш сьветач мой; ГОСПАД, Бог мой, асьветліць цемру маю.
29Бо з Табою я атакую войскі і з Богам маім узыйду на муры.
30Бог, беззаганны шлях Ягоны; слова ГОСПАДА чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.
31Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА, і хто скала, акрамя Бога нашага?
32Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і дае беззаганнасьць шляху майму;
33Ён робіць ногі мае як у аленя і на вышыні ставіць мяне,
34Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.
35І Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая ўмацоўвала мяне, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвала мяне.
36Ты даў прастору для кроку майго, і не хісталіся ногі мае.
37Я перасьледаваў ворагаў маіх і даганяў іх, і не варочаўся назад, пакуль ня зьнішчыў іх.
38Я гэтак скрышыў іх, што яны не маглі ўстаць; яны падалі пад ногі мае.
39Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі супраць мяне.
40Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.
41Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць; яны [клікалі] да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.
42Я стоўк іх, як той пыл пад ветрам, як балота на вуліцы, я стаптаў іх.
43Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву народам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.
44Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне; сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.
45Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.
46Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая; і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго,
47Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,
48выратаваў мяне ад ворагаў маіх і ўзвысіў мяне па-над тымі, якія паўсталі супраць мяне; ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.
49Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў і імя Тваё выслаўляць.
50Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьяўляеш міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі.