1Кіраўніку хору: на лад Мутлябэн. Псальм Давіда. Буду славіць ГОСПАДА ад усяго сэрца майго, буду абвяшчаць усе цуды Твае!
2Буду радавацца і весяліцца ў Табе, буду выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!
3Калі ворагі мае павернуць назад, яны спатыкнуцца і загінуць перад абліччам Тваім.
4Бо Ты правёў суд мой і [разгледзеў] справу маю, Ты сеў на пасадзе таго, хто судзіць праведна.
5Ты ўтаймаваў народы, Ты зьнішчыў бязбожніка, імя іхняе сьцёр на вякі вечныя.
6Вораг спустошаны, канец яму назаўсёды. І гарады [ягоныя] Ты зруйнаваў, памяць пра іх зьнішчана.
7А ГОСПАД сядзіць [на пасадзе] на вякі; Ён паставіў пасад Свой дзеля суду,
8і Ён будзе судзіць сусьвет паводле праведнасьці і змагацца з народамі паводле справядлівасьці.
9І будзе ГОСПАД умацаваным замкам для прыгнечанага, умацаваным замкам у час трывогі.
10І будуць спадзявацца на Цябе тыя, якія ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, ГОСПАДЗЕ!
11Выслаўляйце ГОСПАДА, Які сядзіць на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя!
12Бо Ён шукае [тых, што пралілі] кроў, памятае пра іх, Ён не забыўся пра крык уцісканых.
13Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ! Глянь на пакуты мае ад тых, якія ненавідзяць мяне, Ты, Які падымаеш мяне ад брамы сьмерці,
14каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёну і радаваўся ў збаўленьні Тваім.
15Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі; у сетку, якую схавалі, патрапіла нага іхняя.
16ГОСПАД даў пазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Разважаньне. Сэлях)
17Зыйдуць бязбожнікі ў пекла, усе пагане, якія забыліся пра Бога.
18Бо не назаўсёды забыты будзе бедны, надзея прыгнечаных ня згіне навекі.
19Паўстань, ГОСПАДЗЕ, ня дай чалавеку мець перавагу; пагане будуць суджаныя перад абліччам Тваім!
20Напусьці жах на іх, ГОСПАДЗЕ, каб пазналі пагане, што яны — людзі! (Сэлях)