1Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм. Ты зьявіў ласку, ГОСПАДЗЕ, для зямлі Тваёй, Ты вярнуў палон Якуба.
2Ты дараваў віну народу Твайго, Ты пакрыў усе грахі іхнія. (Сэлях)
3Ты стрымаў усю лютасьць Тваю, адвярнуў жар гневу Твайго.
4Вярні нас, Божа збаўленьня нашага, і спыні абурэньне Тваё на нас.
5Няўжо вечна будзеш гневацца на нас і гнеў Твой працягнеш з пакаленьня ў пакаленьне?
6Няўжо не павернешся, каб ажывіць нас, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе?
7Дай нам убачыць, ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Тваю, і збаўленьне Тваё дай нам!
8Паслухаю, што кажа Бог ГОСПАД, бо Ён кажа пра супакой для народу Свайго і для багабойных Сваіх, і няхай не зьвяртаюцца яны да глупоты. (Сэлях)
9Вось, блізка збаўленьне Ягонае для тых, што баяцца Яго, каб слава [Божая] пасялілася на зямлі нашай.
10Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, праведнасьць і супакой пацалуюцца.
11Праўда ўзыйдзе з зямлі, і праведнасьць з неба глядзець будзе.
12І ГОСПАД дасьць даброцьце, і зямля наша дасьць ураджай свой.
13Праведнасьць будзе ісьці перад абліччам Яго і будзе стаяць на шляху крокаў Ягоных.