1Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Сьпеў. Табе, Божа, прыналежыць хвала на Сыёне; і Табе будуць споўненыя абяцаньні.
2Ты чуеш малітву, да Цябе ўсякае цела імкнецца.
3Справы беззаконныя перамаглі мяне, але Ты дараваў нам правіны нашыя.
4Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і наблізіў, каб жыў ён на панадворках Тваіх; мы будзем насычацца даброцьцем Дому Твайго, сьвятой сьвятыні Тваёй.
5Страшнымі [ўчынкамі] ў праведнасьці Ты адказваеш нам, Божа збаўленьня нашага, пэўнасьць усіх канцоў зямлі і далёкага мора,
6Які ўгрунтаваў горы сілаю Сваёй, Які падперазаны магутнасьцю,
7Які суцішае шум мора, шум хваляў ягоных і мноства народу.
8І будуць баяцца знакаў Тваіх жыхары канцоў сьвету, землі на ўсходзе і на захадзе Ты разьвесяляеш.
9Ты наведаў зямлю і напаіў яе, Ты ўзбагаціў яе Божым струмянём, напоўненым водамі. Ты прыгатаваў збожжа на ёй, бо гэтак угрунтаваў яе.
10Ты насычаеш разоры яе і разраўноўваеш скібы яе, кроплямі дажджу разьмякчаеш яе, парастак яе дабраслаўляеш.
11Ты ўкаранаваў год дабром Тваім, і сьцежкі Твае разьліваюць тлустасьць,
12разьліваюць на пашы ў пустыні, і ўзгоркі падпярэзваюцца радасьцю,
13апранаюцца ў чароды авечак, і даліны атуляюцца збожжам, радасна гукаюць і сьпяваюць.