1Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Пачуй, Божа, голас мой у смутку маім! Ад страху [перад] ворагам захавай жыцьцё маё!
2Схавай мяне ад таемных [намераў] злачынцаў, ад грамады тых, што чыняць нягоднае,
3якія навастрылі як меч язык свой, нацягнулі [лук са] стрэламі сваімі — горкімі словамі,
4каб страляць з засады ў беззаганнага; зьнянацку страляюць яны ў яго і не баяцца.
5Яны ўмацоўваюць сябе ў справах ліхіх; змаўляюцца пастку [наставіць] таемна; яны кажуць: «Хто гэта ўбачыць?»
6Яны шукаюць беззаконьня, мы гінем праз задумы беззаконныя! Бо нутро чалавека і сэрца — глыбокія [воды].
7І стрэліць Бог у іх стралою, зьнянацку атрымалі яны ўдар,
8і яны спатыкнуліся праз язык свой; і ўцякаюць усе, хто іх убачыў.
9І будуць баяцца ўсе людзі, і будуць апавядаць пра справы Божыя, і будуць разважаць пра тое, што Ён учыніў.
10Узрадуецца праведнік у ГОСПАДЗЕ і будзе мець надзею ў Ім, і будуць хваліць Яго ўсе шчырыя сэрцам.