1Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Ратуй мяне, ГОСПАДЗЕ, ад чалавека ліхога, ад чалавека злачыннага захоўвай мяне!
2Яны задумляюць ліхое ў сэрцы сваім, кожны дзень узьнімаюць вайну,
3навастрылі язык свой, як зьмеі, атрута зьмяіная ў вуснах іхніх. (Сэлях)
4Захавай мяне, ГОСПАДЗЕ, ад рук бязбожніка! Захоўвай мяне ад чалавека злачыннага, ад тых, што мяркуюць пахіснуць стопы мае.
5Пыхліўцы таемна [наставілі] пастку для мяне і петлі, расьцягнулі сеці пры сьцежцы, паставілі сіло для мяне. (Сэлях)
6Сказаў я да ГОСПАДА: «Ты — мой Бог!» Прыхілі вуха, ГОСПАДЗЕ, на голас маленьня майго!
7ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, моц збаўленьня майго, Ты засланяеш галаву маю ў дзень бітвы.
8Ня дай таго, ГОСПАДЗЕ, што жадае бязбожнік, намерам ягоным ня дай споўніцца, каб не ўзьнімаліся яны! (Сэлях)
9Няхай галовы тых, што мяне абступілі, пакрыюцца ліхоцьцем вуснаў іхніх!
10Няхай пасыплецца на іх вугольле! У агонь няхай кіне Ён іх, у дол глыбокі, каб ім не паўстаць!
11Чалавек з языком [ліхім] на зямлі ня ўстоіць; на чалавека злачыннага ліхоцьце цікаваць будзе, каб загубіць яго.
12Ведаю я, што ГОСПАД выступіць у справе прыгнечанага, [дасьць] суд убогаму.
13І будуць праведнікі славіць імя Тваё, правыя будуць жыць перад абліччам Тваім!