1Захоўвай ногі свае, калі ідзеш у Дом Божы, і набліжайся туды, каб слухаць, а не складаць ахвяры як дурні, бо яны ня маюць веданьня, робячы зло.
2Ня будзь хуткі вуснамі тваімі, і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымавіць слова перад абліччам Божым, таму што Бог у небе, а ты — на зямлі. Дзеля гэтага няхай словы твае будуць нешматлікімі.
3Бо ад мноства заняткаў прыходзіць сон, і мноства словаў [мае] голас дурня.
4Калі абяцаеш абяцаньне Богу, не марудзь выканаць яго, бо Ён ня мае ўпадабаньня да дурняў. Калі што абяцаеш — споўні.
5Шмат лепш не абяцаць, чым паабяцаць і ня споўніць.
6Не дазваляй вуснам тваім уводзіць у грэх цела сваё і не кажы перад анёлам, што гэта памылка; навошта [табе], каб Бог загневаўся на голас твой і зьнішчыў справы рук тваіх.
7Бо ў мностве сноў і ў памнажэньні словаў — марнасьць, але ты бойся Бога!
8Калі ты будзеш бачыць прыгнёт беднага і парушэньне суду і праведнасьці ў нейкай акрузе, не зьдзіўляйся гэтым [рэчам], але мей суцяшэньне, бо высокага пільнуе вышэйшы, а над імі — яшчэ вышэйшы.
9І карысна для зямлі ў-ва ўсім, калі валадар абрабляе поле.
10Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, той ня будзе мець карысьці [з яго]; і гэта таксама марнасьць.
11Памнажаюцца даброцьці, памнажаюцца і тыя, што іх зьядаюць; і што за карысьць уласьніку з гэтага, хіба, гледзячы, глядзець вачыма сваімі?
12Салодкі сон таго, хто працуе, ці мала, ці шмат ён пад’еў, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.
13Ёсьць ліхая нядоля, якую я бачыў пад сонцам, — багацьце, якое захоўваецца на шкоду таму, хто мае яго.
14І загінула багацьце тое ў нешчасьлівым выпадку; і нарадзіў ён сына, і няма нічога ў руках ягоных.
15Бо як выйшаў ён з улоньня маці сваёй голы, так і вернецца назад, як прыйшоў, і нічога не забярэ рукою сваёю з таго, што прыйшло праз цяжкую працу ягоную.
16І гэта таксама ліхая нядоля: якім прыйшоў, такім і адыйдзе, і якая карысьць яму з таго, што працаваў на вецер?
17Таксама ўсе дні свае ён еў у цемры, у смутку вялікім, у немачы і прыкрасьці.
18Вось што я ўбачыў: добра і прыгожа [чалавеку] есьці і піць, і бачыць добры [плод] кожнай цяжкай працы сваёй, якой працаваў пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго, якое даў яму Бог, бо гэта доля ягоная.
19Таксама калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў уладу спажыць гэта, і браць частку сваю, і радавацца з цяжкай працы сваёй, дык гэта дар Божы.
20Бо ня будзе ён шмат памятаць пра дні жыцьця свайго, таму Бог дае радасьць у сэрца ягонае.