1ГОСПАД валадарыць! Няхай радуецца зямля, няхай весяліцца мноства астравоў!
2Хмары і імгла навакол Яго; праведнасьць і суд — падставы пасаду Ягонага.
3Агонь ідзе перад абліччам Ягоным і паліць наўкола супраціўнікаў Ягоных.
4Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць.
5Горы топяцца, быццам воск, ад аблічча ГОСПАДА, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.
6Апавядаюць нябёсы праведнасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.
7Асаромяцца ўсе, што балванам служаць, што ідаламі сваімі хваляцца. Пакланіцеся Яму, усе богі!
8Чуе гэта Сыён і весяліцца, і радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ!
9Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, над усёй зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсься па-над усімі багамі.
10Вы, што любіце ГОСПАДА, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы багабойных Сваіх, з рукі бязбожных выратоўвае іх.
11Сьвятло ўзыходзіць для праведніка, і радасьць — для шчырых сэрцам.
12Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!