1Псальм. Сьпеў на дзень суботы. Добра славіць ГОСПАДА і выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!
2Апавядаць раніцаю міласэрнасьць Тваю, і вернасьць Тваю — уначы,
3на дзесяціструнным псалтыры і на гусьлях граючы.
4Бо Ты ўзьвесяліў мяне, ГОСПАДЗЕ, справамі Тваімі, творам рук Тваіх буду радавацца.
5Якія вялікія ўчынкі Твае, ГОСПАДЗЕ; вельмі глыбокія думкі Твае.
6Чалавек бязглузды ня будзе ведаць, і дурань не зразумее гэтага.
7Калі бязбожнікі зелянеюць, як трава, і ўсе ліхадзеі квітнеюць, няхай будуць яны зьнішчаны на вякі!
8А Ты, ГОСПАДЗЕ, узвышаны на вякі!
9Бо вось ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, бо вось ворагі Твае загінуць, і будуць расьцярушаныя ўсе ліхадзеі.
10І Ты ўзнясеш рог мой, як у аднарога, я буду памазаны сьвежым алеем.
11Будуць глядзець вочы мае на ворагаў маіх, і пра злачынцаў, якія паўсталі супраць мяне, пачуюць вушы мае.
12Праведнік быццам пальма зелянее, ён расьце, як той кедр на Лібане.
13Насаджаныя ў Доме ГОСПАДА зелянеюць на панадворках Бога нашага.
14Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавітыя і сьвежыя,
15каб абвяшчаць, што ГОСПАД справядлівы, Скала мая, і няма ў Ім беззаконьня.