1Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Асафа. Весяліцеся перад Богам моцы нашай; радасна гукайце Богу Якуба!
2Пачніце сьпяваньне, вазьміце бубны, гусьлі мілагучныя і псалтыр.
3Дзьміце ў трубу ў маладзік, у поўню, у дзень сьвята нашага,
4бо гэткая пастанова ў Ізраілі, закон Бога Якубавага.
5Ён паставіў гэта на сьведчаньне для Язэпа, калі выводзіў з зямлі Эгіпецкай, і мы пачулі мову, якой ня ведалі:
6«Я прыбраў цяжар з плячэй ягоных, рукі ягоныя вольныя ад кашоў.
7У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе; адказаў табе з-за заслоны грымотаў, выспрабаваў цябе пры водах Мэрывы. (Сэлях)
8Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць супраць цябе, Ізраіль. Каб ты паслухаў Мяне,
9і не было ў цябе бога чужога, і не пакланяўся ты богу чужынцаў!
10Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай! Расчыні шырока вусны твае, і Я напоўню іх.
11Але народ Мой не паслухаў голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны Мне.
12Дык Я пакінуў іх у закамянеласьці сэрца іхняга, і яны хадзілі паводле намераў сваіх.
13О, калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль хадзіў шляхамі Маімі,
14Я б неўзабаве ўпакорыў ворагаў іхніх, і супраць прыгнятальнікаў іхніх павярнулася б рука Мая.
15Тыя, што ГОСПАДА ненавідзяць, падпарадкаваліся б ім, а шчасьце іхняе трывала б на вякі.
16І Я карміў бы іх з тлустасьці пшаніцы, мёдам са скалы насычаў бы іх».