1Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа. Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне.
2У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая.
3Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях)
4Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць.
5Разважаю пра дні старадаўнія, пра гады спрадвечныя.
6Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытваецца дух мой:
7«Няўжо Госпад на вякі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць?
8Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла?
9Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў у гневе Сваім літасьць Сваю?» (Сэлях)
10І я сказаў: «Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага.
11Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўнія.
12І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць».
13У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які Бог гэтакі вялікі, як Бог?
14Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю.
15Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях)
16Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні.
17Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае.
18Голас грымотаў Тваіх у віхуры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла.
19Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць.
20Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона.