1Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Асафа. Сьпеў. Вядомы ў Юдэі Бог, вялікае ў Ізраілі імя Ягонае.
2І паўстаў у Салеме схоў Ягоны, і жытло Ягонае — на Сыёне.
3Там Ён скрышыў стрэлы луку, шчыт і меч, і вайну. (Сэлях)
4Ты зьзяеш, Ты слаўнейшы за горы здабычы.
5Зрабаваныя моцныя сэрцам, дрэмлюць сном сваім, і не знайшлі ўсе мужы дужыя рук сваіх.
6Ад пагрозаў Тваіх, Божа Якуба, здрантвелі і калясьніца, і конь.
7Ты, [толькі] Ты [напаўняеш] страхам, і хто можа ўстаяць перад абліччам Тваім у час гневу Твайго?
8З неба Ты даеш пачуць прысуд, зямля ў страху і маўчаньні,
9калі Бог падняўся на суд, каб збавіць усіх уцісканых на зямлі. (Сэлях)
10Бо [нават] ярасьць чалавека будзе славіць Цябе, парэшткамі ярасьці Ты падпярэжашся.
11Давайце і спаўняйце абяцаньні ГОСПАДУ, Богу вашаму; усе, што навакол Яго, нясіце дары Страшліваму.
12Ён пазбаўляе духу князёў, Ён страшны для валадароў зямных.