1Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Давіда. Збаў мяне, Божа, бо воды да душы маёй даходзяць!
2Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я патрапіў у глыбіню водную, і цячэньне мяне падхапіла.
3Я зьнямогся ад крыку майго, засохла горла маё; змарыліся вочы мае, пакуль я спадзяваўся на Бога майго.
4Больш, чым валасоў на галаве маёй, тых, што мяне ненавідзяць без прычыны, узмацніліся тыя, што нішчаць мяне, ворагі мае падступныя. Чаго не рабаваў, мушу аддаваць.
5Божа, Ты ведаеш дурасьць маю, і правіны мае ад Цябе не схаваныя.
6Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, ГОСПАД Магуцьцяў; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!
7Бо дзеля Цябе я ганьбу зношу, і сорамам пакрыта аблічча маё.
8Я стаўся чужым для братоў маіх і чужынцам для сыноў маці маёй.
9Бо руплівасьць пра Дом Твой зьядае мяне, і зьнявагі тых, што Цябе зьневажаюць, зыйшлі на мяне.
10І плакала ў посьце душа мая, і сталася гэта зьнявагай мне.
11І зрабіў я зрэбніцу вопраткай маёй, і стаўся для іх прыповесьцю.
12Абмаўляюць мяне тыя, што сядзяць у браме [гораду], і прыпеўкі пяюць тыя, што п’юць сікеру.
13А я да Цябе малюся, ГОСПАДЗЕ, у час упадабаньня Твайго, Божа; у вялікай міласэрнасьці Тваёй пачуй Ты мяне, у праўдзе збаўленьня Твайго!
14Выратуй мяне з балота, каб я не заграз; ратуй ад тых, што ненавідзяць мяне, і з глыбіняў водных!
15Няхай не падхопіць мяне цячэньне водаў, няхай не праглыне мяне глыбіня, і няхай не сашчэміць нада мною калодзеж вуснаў сваіх.
16Пачуй мяне, ГОСПАДЗЕ, бо добрая міласэрнасьць Твая! Паводле вялікай літасьці Тваёй павярніся да мяне.
17І не хавай аблічча Твайго перад слугою Тваім, бо я прыгнечаны; хутчэй адкажы мне!
18Наблізься да душы маёй, барані яе; насупраць ворагам маім выбаў Ты мяне!
19Ты ведаеш ганьбу маю, і сорам мой, і зьнявагу маю; перад Табою ўсе, што перасьледуюць мяне.
20Ганьба разьбіла сэрца маё, і я ў роспачы; я спадзяваўся на спачуваньне, і ня маю яго, і на пацяшальнікаў, і не знайшоў іх.
21Яны далі мне замест стравы жоўць, і, калі я смагнуў, напаілі мяне воцатам.
22Няхай станецца стол іхні перад абліччам іхнім пасткаю, і бясьпечнасьць — сілом.
23Няхай зацемрацца вочы іхнія, каб ня бачылі, няхай сьцёгны іхнія заўсёды дрыжаць!
24Вылі на іх ярасьць Тваю, і жар гневу Твайго няхай дагоніць іх!
25Няхай апусьцее сяліба іхняя, у намётах іхніх няхай ніхто не жыве!
26Бо таго, каго Ты б’еш, яны перасьледуюць, і пра боль таго, каго Ты параніў, яны абвяшчаюць.
27Дадай беззаконьне да беззаконьня іхняга і ня дай ім прыйсьці да праведнасьці Тваёй.
28Няхай будуць выкрэсьленыя з кнігі жывых і ня будуць запісаныя разам з праведнікамі.
29А я прыгнечаны і поўны тугі; збаўленьне Тваё, Божа, няхай падыме мяне!
30Я буду хваліць імя Божае сьпевам і ўзьвялічваць Яго з падзякаю.
31І будзе гэта больш даспадобы ГОСПАДУ, чым вол, бык з рагамі і капытамі.
32Угледзяць [гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца; і ў вас, што Бога шукаеце, няхай ажыве сэрца вашае!
33Бо ГОСПАД выслухоўвае бедных і вязьнямі Сваімі не пагарджае.
34Няхай хваляць Яго неба і зямля, і мора, і ўсё, што рухаецца ў іх.
35Бо збавіць Бог Сыён, і адбудуе гарады Юды, і яны паселяцца там, і возьмуць у спадчыну іх.
36I насеньне слугаў Ягоных у спадчыну іх атрымае, і той, хто любіць імя Ягонае, жыць будзе ў іх.