1Кіраўніку хору: на лад Едутуна. Псальм Давіда. Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго збаўленьне маё.
2Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык я не пахіснуся.
3Як доўга будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсе [хочаце] забіць [яго], як тая сьцяна, што скранулася, як агароджа, што валіцца.
4Яны толькі і радзяцца, як скінуць [яго] з высачыні; ім даспадобы няпраўда; яны вуснамі дабраслаўляюць, але ў нутры сваім праклінаюць! (Сэлях)
5Толькі ў Богу супачынеш, душа мая, бо на Яго спадзяваньне маё.
6Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык не пахіснуся.
7У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала моцы маёй, прыстанішча маё ў Богу.
8На Яго спадзявайся ў кожны час, народзе! Вылівайце перад абліччам Ягоным сэрцы вашыя, бо Бог — прыстанішча нашае. (Сэлях)
9Сыны чалавечыя — толькі марнасьць, сыны людзкія — хлусьня; калі пакладзеш іх на шалі, яны разам лягчэй за марнасьць!
10Не спадзявайцеся на крыўду, не марнейце ў зрабаваным, калі вам памножыцца багацьце, сэрца свайго да яго не прыкладайце!
11Раз сказаў Бог, а я двойчы пачуў гэта, што сіла — у Бога.
12І ў Цябе міласэрнасьць, Госпадзе, бо Ты даеш чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.