1Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Давіда. Пачуй, Божа, галашэньне маё, зваж на малітву маю!
2Ад краю зямлі да Цябе клічу, калі зьнемагае сэрца маё; на скалу, што ўзвышаецца нада мною, узьвядзі мяне!
3Бо Ты быў прыстанішчам маім, вежай моцы маёй супраць ворага.
4Буду жыць у намёце Тваім вечна, маю надзею пад заслонаю крылаў Тваіх. (Сэлях)
5Бо Ты, Божа, чуў абяцаньні мае, Ты даў валоданьне тым, што баяцца імя Твайго.
6Дадай дні да дзён валадара, няхай гады яго [будуць] з пакаленьня ў пакаленьне,
7Няхай жыве вечна перад абліччам Божым; прызнач міласэрнасьць і праўду, каб захоўвалі яго!
8Дык буду выслаўляць імя Тваё на вякі, буду спаўняць абяцаньні мае кожны дзень.