1Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Навучаньне. Божа! Вушамі нашымі мы чулі, бацькі нашыя нам абвясьцілі пра справы, якія Ты ўчыніў у дні іхнія, у дні старадаўнія.
2Ты рукою Тваёю вырваў паганаў, а іх пасадзіў; вынішчыў народы, а іх разрасьціў.
3Бо не мячом сваім яны ўзялі на ўласнасьць зямлю, не рамяно іхняе збавіла іх, але правіца Твая і рамяно Тваё, і сьвятло аблічча Твайго, бо Ты меў ласку да іх.
4Ты — Валадар мой, о Божа! Дык загадай, [каб прыйшло] збаўленьне Якубу!
5Праз Цябе мы паб’ем прыгнятальнікаў нашых, праз імя Тваё стопчам тых, што паўстаюць супраць нас.
6Бо не на лук спадзяюся я, і меч мой ня збавіць мяне,
7але Ты збавіў нас ад прыгнятальнікаў нашых і асароміў тых, што нас ненавідзяць.
8У Богу мы хвалімся ўсе дні, і імя Тваё навекі будзем славіць! (Сэлях)
9Але Ты нас пакінуў і нас асароміў, і не выходзіш разам з войскамі нашымі.
10Ты павярнуў нас наўцёкі перад прыгнятальнікамі нашымі, а ненавісьнікі нашыя нас зрабавалі.
11Ты нас аддаў, як авечак, каб нас паелі, і расьцярушыў нас між паганаў.
12Ты прадаў народ Твой за марную плату і не падняў кошту яго.
13Ты выставіў нас на ганьбаваньне суседзям нашым, на кпіны і насьмешкі тых, што навокал нас.
14Ты ў прыказку ўвёў нас сярод паганаў, і народы ківаюць галовамі [над намі].
15Увесь дзень ганьба мая перада мною, і сорам аблічча майго пакрывае мяне
16бо [чую] голас тых, якія зьневажаюць і лаюць мяне, бо [бачу] аблічча ворага і мсьціўцы.
17Усё гэта прыйшло на нас, хоць мы не забыліся на Цябе і ня здрадзілі запавету з Табою.
18Не адступілася сэрца нашае і не адхіляліся крокі нашыя ад шляху Твайго,
19хоць Ты скрышыў нас у месцы цмокаў і накрыў нас ценем сьмерці.
20Калі б мы забыліся імя Бога нашага і цягнулі рукі нашыя да бога чужога,
21ці ж бы Бог не дазнаўся пра гэта? Бо Ён ведае таямніцы сэрца!
22Бо за Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас за авечак на зарэз.
23Збудзіся! Чаму сьпіш, Госпадзе? Абудзіся, не пакінь нас навекі!
24Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё, забываешся на пакуты і прыгнечаньне нашае?
25Бо ўкінута ў пыл душа нашая, прыляпілася да зямлі нутро нашае.
26Паўстань на ўспамогу нам, выбаў нас дзеля міласэрнасьці Тваёй!