1Ці ты ведаеш час пароду дзікіх козаў у скалах, або сачыў за пародамі ланяў?
2Ці ты лічыш месяцы цяжарнасьці іхняй, або ведаеш час іх нараджэньня?
3Схіляюцца яны, родзячы дзяцей сваіх, і вызваляюцца ад болю нараджэньня.
4Дзеці іхнія набіраюць сілы і растуць у полі, і выходзяць, і не вяртаюцца да іх.
5Хто пусьціў дзікага асла на свабоду, і хто разьвязаў путы ягоныя?
6Я даў яму дом у пустыні, і на зямлі салёнай прызначыў жытло яму.
7Ён сьмяецца з гармідару гораду і ня чуе крыку паганятага,
8на гарах знаходзіць сабе пашу і шукае ўсякую зеляніну.
9Ці захоча аднарог служыць табе, ці пераначуе ён пры ясьлях тваіх?
10Ці ты можаш прывязаць аднарога вяроўкаю да плуга, ці будзе ён араць лагчыны за табою?
11Ці ты паверыш у вялікую сілу ягоную, і даручыш яму працу тваю?
12Ці паверыш яму, што ён верне зерне тваё і зьбярэ на ток?
13Крылы страуса радасна махаюць, але ці яны такія, як крылы і пер’е бусла?
14Бо ён пакідае яйкі свае на зямлі, і яны грэюцца ў пяску,
15і забываецца ён, што можа нага стаптаць іх і зьвер палявы раздушыць.
16Нячулы ён да дзяцей сваіх, быццам яны не ягоныя, і не трывожыцца ён, што праца ягоная можа быць дарэмнай,
17бо пазбавіў яго Бог мудрасьці і ня даў яму розуму.
18А калі прыйдзе час, і ён падыме ўгору крылы, тады ён сьмяецца з каня і вершніка ягонага.
19Ці ты даеш каню сілу? Ці ты ахінаеш шыю ягоную грывай?
20Ці ты прымусіш бегчы яго, як саранчу? Велічнае іржаньне ягонае жах наводзіць.
21Ён б’е зямлю капытом, і цешыцца сілаю, і выходзіць адважна насустрач зброі.
22Ён сьмяецца над страхам, не палохаецца, і не ўцякае перад мячом.
23Калі гучыць над ім сагайдак, вострыва дзіды, ці рагаціны,
24ён з шаленствам і лютасьцю каўтае зямлю, і не спыняецца пры гуку трубы.
25На гук трубы іржэ: “І-га-га!” і здалёку ён вычувае бітву, воклічы князёў і крык [ваенны].
26Ці паводле разуменьня твайго лётае ястраб і накіроўвае крылы свае на поўдзень?
27Ці паводле загаду твайго падымаецца арол, і на вышынях робіць гняздо сваё?
28Ён жыве на скалах і [там] начуе, на вяршынях скальных замчышча ягонае.
29Адтуль выгледжвае ён сабе ежу, вочы ягоныя бачаць далёка,
30а птушаняты ягоныя п’юць кроў, і дзе толькі забіты, там і ён».