1І адказаў Цафар з Наамы, і сказаў:
2«Вось, разважаньні мае прынукаюць адказваць, і неспакой у-ва мне.
3Упіканьне, якім мяне зьневажаў, я выслухаў, і дух розуму майго паказвае мне.
4Ці ня ведаеш ты, што ад пачатку, як нарадзіўся чалавек на зямлі,
5радасьць злачынцаў кароткая, і пацеха бязбожных на момант толькі.
6Калі пыха ягоная падымецца да неба, і галава ягоная дакранецца хмараў,
7як гной прападзе ён, і тыя, што бачылі яго, спытаюцца: “Дзе ён?”
8Як сон прамінае ён, і не знайсьці, пралятае, быццам марыва начное.
9Вока, якое бачыла яго, ужо ня ўбачыць яго, і месца ягонае ня ўбачыць яго болей.
10Сыны ягоныя прасіць будуць ласкі ва ўбогіх, і рукі ягоныя аддадуць маёмасьць сваю.
11Косткі ягоныя, поўныя сілы маладосьці, разам з ім будуць спаць у парахне.
12Калі салодкае ў вуснах ягоных зло, схаванае пад языком ягоным,
13і будзе ён шкадаваць яго, і ня кіне яго, але будзе трымаць у вуснах сваіх,
14тады хлеб у жываце ягоным пераменіцца ў жоўць зьмяіную.
15Багацьці, якія ён праглынуў, вырыгае, выцягне іх Бог з жывата ягонага.
16Праглыне ён атруту зьмяіную, і заб’е яго язык гадзюкі.
17Ня ўбачыць ён ручаёў алею, рэк, якія мёдам і малаком ацякаюць.
18І верне ён здабытак з чужой працы, і не праглыне яго, і ня будзе цешыцца з багацьцяў набытых.
19Бо ён крыўдзіў і не зважаў на ўбогіх, рабаваў дамы, якія не будаваў.
20Ніколі не наядаўся жывот ягоны, і ніколі ня мог ён дагадзіць прагавітасьці сваёй.
21Нічога не заставалася з-за абжорства ягонага, і таму не застанецца нічога з маёмасьці ягонай.
22Калі наесца, цесна яму будзе, і ўсякая бяда будзе нападаць на яго.
23Калі будзе напаўняць жывот свой, Бог спашле на яго ярасьць гневу Свайго, і вылье на яго кару Сваю.
24Будзе ён уцякаць ад зброі жалезнай, і патрапіць пад лук мядзяны.
25Страла паб’е цела ягонае і пячонку ягоную, і нахлынуць на яго рэчы страшныя.
26Цемра захаваная для яго, і будзе паліць яго агонь, які ніхто не разьдзьмухвае, і тое, што засталося ў намёце ягоным, будзе зьнішчана.
27Нябёсы аб’явяць бязбожнасьць ягоную, і зямля паўстане супраць яго.
28Будзе зьнішчаны ўраджай дому ягонага, і разальецца ў дзень гневу Божага.
29Такая доля перад Богам чалавека бязбожнага і спадчына, прызначаная для яго Богам».