1І адказаў Ёў, і сказаў:
2«Часта я чуў такія рэчы! Усе вы — марныя пацяшыцелі.
3Ня маюць канца пустыя словы, і што змусіла цябе так адказваць?
4І я падобна як вы гаварыў бы, калі б было ў душы вашай тое, што ў маёй. І вёў бы я пра вас гаворку, і ківаў бы на вас галавой сваёй,
5і падбадзёрваў бы вас вуснамі сваімі, і ня стрымліваў бы губы свае.
6Калі буду гаварыць, не суцішу болю майго, і калі замаўчу, не адыйдзе ён ад мяне.
7Цяпер замучыў мяне боль мой, спустошыў усю грамаду маю.
8Зморшчкі мае сьведчаць супраць мяне, паўстае слабасьць мая супраць мяне, дакараючы мяне.
9Гнеў ягоны разрывае і б’е мяне, скрыгоча зубамі сваімі на мяне. Вораг мой утаропіў вочы свае на мяне.
10Яны разьзявілі на мяне пашчы свае, і, лаючыся, б’юць мяне па твары, і зьбіраюцца разам супраць мяне.
11Аддаў мяне Бог злачынцы, у рукі ліхадзеяў выдаў мяне.
12Я быў спакойны, але Ён устрос мяне, схапіў мяне за шыю і раструшчыў мяне, і зрабіў мяне як цэль для Сябе.
13Акружылі мяне лучнікі Ягоныя, Ён разрывае ныркі мае і, не шкадуючы, жоўць маю выліў на зямлю.
14Ён робіць у-ва мне вылом за выломам, бяжыць на мяне, як волат.
15Зрэбніцу апрануў я на скуру маю і схіліў да зямлі галаву маю.
16Твар мой пачырванеў ад плачу, вочы мае агарнуў цень сьмяротны,
17хоць рукі мае ня сквапныя, і чыстая малітва мая.
18О, зямля! Не закрый крыві маёй, і няхай лямант мой не замаўчыць у табе.
19Бо вось, цяпер у небе Сьведка мой, і Заступнік мой — на вышынях.
20Насьміхаюцца нада мною бліжнія мае, да Бога ліе сьлёзы вока маё.
21О, каб чалавек мог судзіцца з Богам, як судзіцца сын чалавечы з бліжнім сваім,
22бо мінуць палічаныя гады, і я пайду шляхам, з якога няма вяртаньня.