1Цяжар адносна пустыні прыморскай. Як буры налятаюць на Нэгеў, так [вораг] прыходзіць з пустыні, з зямлі страшнай.
2Відзеж грозны зьяўлены мне. Ліхадзей ліхадзейнічае, спусташальнік пустошыць. Элям, выходзь! Мадай, бяры ў аблогу! Усім стагнаньням Я пакладу канец.
3Дзеля гэтага дрыжаньнем напоўніліся сьцёгны мае, ахапілі мяне болі, як болі той, што нараджае. Я агаломшаны ад таго, што чую, і ў трымценьні ад таго, што бачу.
4Трымціць сэрца маё, трывога ахапіла мяне, прыцемкі, жаданыя мною, сталіся жудасьцю для мяне.
5Накрываюць стол, засьцілаюць абрусам, ядуць, п’юць. «Падыміцеся, князі! Памажце шчыт!»
6Бо гэтак сказаў мне Госпад: «Ідзі, пастаў вартаўніка, каб паведаміў, што ўбачыць.
7Калі ўбачыць ён калясьніцы, вершнікаў па два, аслоў з вазамі, вярблюдаў з вазамі, няхай сочыць з увагай, з вялікай увагай!»
8І ён закрычаў, [як] леў: «На вежы, Госпадзе мой, я стаю заўжды ўдзень, на варце маёй я стаю кожную ноч.
9І вось, едуць калясьніцы, вершнікі на конях па два. І адказаў [адзін], і сказаў: “Упаў, упаў Бабілон, і ўсе выявы багоў ягоных [ляжаць] на зямлі пабітыя”».
10[Народзе] мой, вымалачаны, сын току майго! Тое, што я пачуў ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога Ізраіля, я паведаміў вам!
11Цяжар адносна Думы. Да мяне крычаць з Сэіру: «Вартаўнік, якая [гадзіна] ночы? Вартаўнік, якая [гадзіна] ночы?»
12Сказаў вартаўнік: «Прыходзіць раніца, але яшчэ ноч. Калі вы хочаце спытацца, пытайцеся, вяртайцеся, прыходзьце!»
13Цяжар адносна Арабіі. У лесе ў Арабіі начуйце, караваны Дэданцаў.
14Насустрач спрагнёным выносьце ваду, жыхары зямлі Тэман, з хлебам сустракайце ўцекачоў!
15Бо яны ад аблічча мячоў уцяклі, ад аблічча мяча аголенага, ад аблічча лука напятага, ад аблічча цяжкай вайны.
16Бо так сказаў мне Госпад: «Яшчэ год, як год найміта, і скончыцца ўся слава Кедару.
17А рэшта ліку лучнікаў, волатаў сыноў Кедару, будзе малая, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, прамовіў!»