1Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!
2Няхай гэтак скажуць выкупленыя ГОСПАДАМ, якіх Ён выкупіў з рукі прыгнятальніка
3і сабраў з земляў з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора.
4Яны блукалі па пустыні, па бязьлюдзьдзі, шляху да гораду, дзе будуць жыць, не знайшлі.
5Былі галоднымі і сасьмяглымі, душа іхняя ў іх зьнемаглася.
6І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.
7І павёў Ён іх шляхам простым, каб прыйшлі да гораду, дзе будуць жыць.
8Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых,
9бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром.
10Яны сядзелі ў цемры і ў ценю сьмерці, увязьненыя пакутамі і жалезам,
11бо яны бунтаваліся супраць словаў Бога і радай Найвышэйшага пагрэбавалі.
12І Ён упакорыў сэрца іхняе нядоляй; яны спатыкнуліся, і не было дапамогі.
13І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.
14Ён вывеў іх з цемры і ценю сьмерці, і кайданы іхнія парваў.
15Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых,
16бо Ён скрышыў брамы мядзяныя і расьсек засаўкі жалезныя.
17Яны [былі] неразумнымі на шляху правінаў сваіх і за беззаконьні свае пакутавалі.
18Усякая ежа абрыдла душы іхняй, і блізка былі яны ад брамаў сьмерці.
19І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.
20Ён паслаў слова Сваё, і аздаравіў іх, і выбавіў іх ад магілы.
21Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых!
22Няхай ахвяруюць ахвяры падзякі, і няхай абвяшчаюць з радасьцю пра дзеяньні Ягоныя!
23Тыя, што зыходзілі на мора на караблях і вялі справы на водах вялікіх,
24яны бачылі справы ГОСПАДА і цуды Ягоныя ў глыбінях.
25Ён сказаў, і стаўся вецер бурны, і ўзьняліся хвалі,
26і яны ўздымаюцца пад неба, і падаюць у бяздоньне; душа іхняя ў [гэтым] ліху млее,
27бадзяюцца і хістаюцца, як п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя марная.
28І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.
29Ён перамяніў буру ў цішу, і суцішыліся хвалі.
30І ўзрадаваліся яны, што [ўсё] сьціхла, і Ён іх прывёў да жаданай прыстані.
31Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых!
32Няхай вывышаюць Яго ў зборы народу і паміж старшыняў няхай хваляць Яго!
33Ён перамяніў рэкі ў пустыню і крыніцы водаў — у сухую зямлю,
34і ўрадлівую зямлю — у салёную, за ліхоту тых, што жывуць на ёй.
35Ён перамяніў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю — у крыніцы водаў,
36і там пасяліў галодных, і яны паставілі горад, дзе будуць жыць,
37і засеялі палі, і пасадзілі вінаграднік, і атрымалі плод багаты.
38І Ён дабраслаўляў іх, і яны множыліся вельмі; і не зьмяншалася ў іх скаціны.
39Але [пасьля] іх паменшала, і яны схіліліся пад цяжарам ліхоты і смутку.
40Ён вылівае пагарду на князёў і кідае іх блукаць па пустках без дарогі.
41Ён падымае прыгнечанага з нэндзы, і робіць плямёны як [чароды] авечак.
42Убачаць гэта правыя і ўзьвесяляцца; і ўсякая несправядлівасьць закрые вусны свае.
43Хто мудры, той гэта захавае, і зразумее міласэрнасьць ГОСПАДА!