1Чалавек, які на дакараньне робіць цьвёрдым карак свой, раптоўна будзе зьнішчаны, і ня будзе аздараўленьня.
2Калі памнажаюцца праведнікі, радуецца народ, а калі пануе бязбожнік, народ стогне.
3Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго, а той, які сябруе з распусьніцамі, распускае маёмасьць.
4Валадар правасудзьдзем умацоўвае зямлю, а чалавек, які [любіць] дары, руйнуе яе.
5Чалавек, які лісьлівіць бліжняму свайму, стаўляе сетку нагам ягоным.
6У злачынстве ліхога чалавека пастка [для яго], а праведнік сьпявае і радуецца.
7Праведнік ведае справу ўбогіх, а бязбожнік і ня думае ведаць [яе].
8Блюзьнеры ўзбураюць горад, а мудрыя ўтаймоўваюць гнеў.
9Мудры чалавек, судзячыся з неразумным, і злуецца, і сьмяецца, і ня мае спакою.
10Людзі крывавыя ненавідзяць беззаганнага, а правыя дбаюць пра душу ягоную.
11Дурань выяўляе ўвесь свой дух, а мудры затрымлівае яго на пазьней.
12Калі пан зважае на словы фальшывыя, тады бязбожныя ўсе, што служаць яму.
13Бядак і прыгнятальнік сустракаюцца, сьвятло вачам іх абодвух дае ГОСПАД.
14Валадар, які судзіць убогіх паводле праўды, умацуе пасад свой на вякі.
15Дубец і дакор даюць мудрасьць, а дзіцё, пакінутае [само сабе], — сорам для маці яго.
16Калі памнажаюцца бязбожнікі, памнажаюцца злачынствы, але праведнікі ўбачаць падзеньне іх.
17Карай сына твайго, і ён дасьць табе супачыць, і дасьць асалоду для душы тваёй.
18Без [прароцкага] відзежу народ неакелзаны, а хто захоўвае закон, той шчасьлівы.
19Словамі ня будзе настаўлены слуга, бо хоць зразумее, але ня дасьць адказу.
20Ці бачыў ты чалавека, хуткага на словы? На дурня большая надзея, чым на такога.
21Калі з маленства песьціць слугу свайго, урэшце, той станецца гаспадаром.
22Гняўлівы чалавек усчынае звадку, а раз’юшаны [ўчыняе] багата правінаў.
23Пыха чалавека прыніжае яго, а пакорлівы духам здабудзе славу.
24Хто супольнічае са злодзеем, ненавідзіць душу сваю, ён чуе праклёны, але не выяўляе [гэтага].
25Страх перад чалавекам стаўляе пастку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе ў бясьпецы.
26Шмат хто шукае аблічча пана, але ГОСПАД судзіць чалавека.
27Агіда для праведнікаў — чалавек беззаконны, а для бязбожніка агідны той, што [ідзе] простым шляхам. м.