1На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісуса была там.
2Быў таксама запрошаны і Ісус, і вучні Ягоныя на вясельле.
3І, як не хапіла віна, маці Ісуса кажа Яму: «Віна ня маюць».
4Кажа ёй Ісус: «Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла».
5Гаворыць маці Ягоная слугам: «Што Ён вам скажа, зрабіце».
6Было ж там шэсьць каменных глякоў, якія стаялі дзеля ачышчэньня юдэйскага і зьмяшчалі дзьве ці тры меры.
7Кажа ім Ісус: «Напоўніце вадою глякі». І напоўнілі іх да верху.
8І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і нясіце да маршалка». І занесьлі.
9Калі ж маршалак пакаштаваў вады, якая сталася віном, — а ён ня ведаў, адкуль яно, слугі ж, якія налівалі ваду, ведалі, — кліча жаніха
10і кажа яму: «Кожны чалавек перш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль».
11Так зрабіў Ісус у Кане Галілейскай пачатак знакам і выявіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
12Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і заставаліся там некалькі дзён.
13І была блізка Пасха юдэйская, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.
14І знайшоў у сьвятыні тых, што прадавалі валоў, авечак і галубоў, і мяняльнікаў, якія там сядзелі.
15І, зрабіўшы біч з вяровак, Ён выгнаў са сьвятыні ўсіх, а таксама авечак і валоў, і грошы мяняльнікам рассыпаў, і сталы іхнія перавярнуў;
16і сказаў тым, што прадавалі галубоў: «Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».
17І ўзгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне».
18Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што гэтак робіш?»
19Адказаў Ісус і сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я ў тры дні адбудую яе».
20Сказалі тады Юдэі: «Сорак шэсьць гадоў будавалася бажніца гэтая, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»
21А Ён гаварыў пра бажніцу цела Свайго.
22Калі ж Ён уваскрос з мёртвых, узгадалі вучні Ягоныя, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус.
23Калі ж Ён быў у Ерусаліме на Пасху ў сьвяты, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
24Але Сам Ісус не даверыўся ім, бо ведаў усіх
25і ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Ён ведаў, што было ў чалавеку.