1Дык крычы, калі ёсьць той, хто адкажа табе? Да каго са сьвятых ты зьвернешся?
2Бо неразумнага забівае гняўлівасьць, а дурнога губіць зайздрасьць.
3Я бачыў, як дурны разжываецца, але ў момант спарахнеў дом ягоны.
4Сыны ягоныя без ратунку, іх топчуць у браме, і няма каму ратаваць іх.
5Ураджай ягоны зьесьць галодны, і з-за агароджы схопіць, і прагны праглыне багацьце ягонае.
6Ня з пылу бярэцца няшчасьце, і не з зямлі расьце гора.
7Але чалавек нараджаецца на пакуты, як зьнічкі — каб падымацца ўгору.
8Таму я буду прасіць Бога, і да Бога ўзьнясу справу маю.
9Ён творыць рэчы недасьледныя і вялікія, і цуды незьлічоныя.
10Ён дае дождж на аблічча зямлі і поіць палеткі вадою.
11Ён падымае прыніжаных высока, і тых, што смуткуюць, суцяшае збаўленьнем.
12Ён разьбівае намеры ліхотнікаў, каб не змаглі рукі іхнія выканаць тое, што задумалі.
13Ён ловіць хітрых у глупоце іхняй, і змову крывадушнікаў робіць марнай.
14Удзень падаюць у цемру, і быццам уначы, навобмацак ідуць апоўдні.
15Ён ратуе беднага ад мяча, і бедака — ад рукі нахабніка.
16І ёсьць надзея для ўбогага, а крыўда зачыняе вусны свае.
17Шчасьлівы чалавек, якога дакарае Бог; таму навучаньнем Усемагутнага не пагарджай.
18Ён раніць, і Ён лечыць, Ён ударае і аздараўляе Сам рукамі Сваімі.
19Ад шасьці бедаў збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране няшчасьце цябе.
20У голад Ён захавае цябе ад сьмерці, і ў час вайны ад мяча ўратуе.
21Усьцеражэшся ты ад языка кусьлівага і ня будзеш баяцца спусташэньня, калі яно прыйдзе.
22У час спусташэньня і голаду будзеш ты сьмяяцца і ня будзеш баяцца зьвяроў палявых.
23З камянямі палявымі дамова твая, і зьвяры дзікія будуць прыязныя табе.
24І ты даведаешся, што намёт твой у супакоі, і, наведваючы жытло тваё, ня знойдзеш нястачы.
25І ты ўбачыш, што насеньне тваё шматлікае і нашчадкі твае — быццам трава на зямлі.
26І ўвойдзеш у магілу ў гадах сьпелых, як кладзецца сноп пшаніцы ў час свой.
27Як мы дасьледавалі гэта, так і ёсьць. Паслухай гэта, і сам зразумееш».