1Пасьля гэтага Ёў расчыніў вусны свае і наракаў на дзень свой.
2І адказаў Ёў, і сказаў:
3«Няхай прападзе дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Зачаты хлопец”.
4Няхай дзень той пераменіцца ў цемру; няхай ня рупіцца пра яго Бог з вышыні, і няхай ня будзе ён асьветлены сьвятлом.
5Няхай зацемняць яго цемра і цень сьмерці, няхай схавае яго змрок, і няхай напоўніцца ён хмарамі.
6Няхай ноч тую агарне цемра, няхай ня будзе яна ўлічана ў днях году, і няхай ня ўзгадваецца ў ліку месяцаў.
7Няхай тая ноч будзе бясплодная, і няхай радасьць да яе не завітае.
8Няхай праклінаюць яе тыя, што дзень праклінаюць, што гатовыя абудзіць Левіятана.
9Няхай сьцямнеюць зоркі сьвітаньня ейнага, каб чакала сьвятла і не дачакалася, і няхай ня ўбачыць яна зараніцы новага дня,
10бо яна не зачыніла ўлоньня, якое нарадзіла мяне, і не ўхіліла гора з вачэй маіх.
11Чаму яшчэ ненароджаным, я не памёр? Чаму народжаны, не памёр раптам?
12Навошта я быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі?
13І цяпер спаў бы я моўчкі, і адпачываў бы ў-ва сьне сваім
14з валадарамі і радцамі зямлі, якія пабудавалі сабе дамы магілы,
15і з князямі, якія багатыя золатам і якія срэбрам вылажылі дамы свае.
16І як спарон схаваны быў бы я, або як немаўля, што ня бачыла сьвятла.
17Там злачынцы больш не шалеюць, а змораныя працай там адпачываюць.
18Там усе вязьні жывуць бяз страху і ня чуюць крыку вартаўніка.
19Там разам малы і вялікі, і слуга вольны ад пана свайго.
20Навошта беднаму даецца сьвятло, і жыцьцё тым, што жывуць з горыччу душы,
21якія чакаюць сьмерці і не дачакаюцца, і шукаюць яе больш, чым скарб,
22і вельмі радуюцца і цешацца, калі знойдуць.
23Якая радасьць чалавеку, перад якім шлях закрыты і якога Бог атачае цемраю?
24Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і скаргі мае ільюцца як вада.
25Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я дрыжэў, напаткала мяне.
26Не супакойваўся я, не маўчаў і не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасьце».