1Малітва Абакума прарока [для сьпяваньня], лямантуючы.
2ГОСПАДЗЕ, я пачуў вестку Тваю, і спалохаўся. ГОСПАДЗЕ! Справу Тваю ў сярэдзіне гадоў ажыві, у сярэдзіне гадоў зьяві, у гневе ўзгадай пра літасьць.
3Бог ідзе з Тэману, і Сьвяты — з гары Паран. (Сэлях) Закрыла неба слава Ягоная, і хвала Ягоная напоўніла зямлю.
4І бляск [Ягоны] — як сьвятло; промні з рук Ягоных [выходзяць], там схаваная моц Ягоная.
5Перад абліччам Ягоным ідзе пошасьць, і за стопамі Ягонымі крочыць жар палючы.
6Ён стаў, і дрыжыць зямля; Ён глянуў, і трымцяць народы; і рассыпаліся горы вечныя, схіліліся ўзгоркі спрадвечныя; шляхі Ягоныя — вечныя.
7Я бачыў няправасьць у намётах Куша, дрыжэлі заслоны зямлі Мадыян.
8Ці на рэкі загневаўся ГОСПАД, ці супраць рэк [палае] гнеў Твой? Ці супраць мора ярасьць Твая, што Ты сеў на коняў Тваіх, на калясьніцы Твае пераможныя?
9Цалкам аголены лук Твой, як Ты прысягнуў каленам [Ізраіля] словам [Тваім]. (Сэлях) Ты рэкамі расьсек зямлю.
10Убачыўшы Цябе, горы затрэсьліся; паводка рынула, бяздоньне дало голас свой, высока падняўшы рукі свае.
11Сонца і месяц спыніліся на месцы сваім; пры сьвятле стрэлаў Тваіх яны ішлі, пры бляску зіхценьня дзіды Тваёй.
12У абурэньні Ты крочыў па зямлі, у гневе малаціў народы.
13Ты выйшаў, каб збавіць народ Твой, каб збавіць памазанца Твайго. Ты скрышыў галаву дому бязбожніка, агаляючы падставы аж па шыю. (Сэлях)
14Ты прабіў стрэламі ягонымі галаву правадыроў ягоных, калі [ўзьняліся], як віхура, каб расьсеяць мяне; яны цешыліся як тыя, што пажэрлі ўбогага ўпотай.
15Ты топчаш коньмі Тваімі мора, хваляваньне водаў вялікіх.
16Я пачуў, і задрыжэла нутро маё, ад голасу [гэтага] затрымцелі вусны мае, гнілізна ўвайшла ў косткі мае, і я калачуся на месцы сваім. Але я маю быць у супакоі ў дзень бедства, калі прыйдзе на народ гэты той, хто пераможа [нас].
17Бо хоць бы дрэва фігавае не расквітнела, і не было ўраджаю ў вінаградніку, [хоць бы] не ўрадзіла аліўка [плоду свайго], і поле ня дала, што есьці, [хоць бы] зьніклі авечкі з абораў, і не засталося валоў у хлявах,
18але і тады я буду радавацца ў ГОСПАДЗЕ, буду цешыцца ў Богу збаўленьня майго.
19ГОСПАД, Госпад — сіла мая, і Ён зробіць ногі мае як у аленя, і на вышыні мае ўзьвядзе мяне. Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах.