1І прыйшлі ўсе калены Ізраіля да Давіда ў Хеўрон, і сказалі: «Вось, мы — косткі твае і цела тваё.
2Яшчэ ўчора і пазаўчора, калі Саўл валадарыў над намі, ты выводзіў і прыводзіў назад Ізраіля. І ГОСПАД сказаў табе: “Ты будзеш пасьвіць народ Мой, Ізраіля, і ты будзеш правадыром Ізраіля”».
3І прыйшлі да валадара ў Хеўрон усе старшыні Ізраіля, і валадар Давід заключыў з імі запавет у Хеўроне перад абліччам ГОСПАДА. І памазалі Давіда на валадара над Ізраілем.
4Трыццаць гадоў меў Давід, калі пачаў валадарыць, і сорак гадоў валадарыў.
5У Хеўроне над Юдам ён валадарыў сем гадоў і шэсьць месяцаў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і над Юдам.
6Валадар і ўсе людзі, якія былі з ім, вырушылі на Ерусалім супраць Евусэяў, жыхароў зямлі гэтай. А тыя сказалі Давіду, кажучы: «Ня ўвойдзеш ты сюды, бо выганяць цябе сьляпыя і кульгавыя». Гэта значыла: «Ня ўвойдзе сюды Давід».
7Але Давід здабыў крэпасьць Сыён, і ён [стаў] горадам Давіда.
8І сказаў Давід у той дзень: «Кожны, хто ваюе з Евусэямі, няхай ідзе праз вадаспад, і няхай [дабярэцца] да кульгавых і сьляпых, якіх ненавідзіць душа Давіда». Таму кажуць [у прыказцы]: «Сьляпы і кульгавы ня ўвойдуць у дом».
9І абжыўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давіда. І адбудаваў Давід яго кругом ад Мілло і да дому [свайго].
10І Давід ставаўся штораз магутнейшы, і ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, [быў] з ім.
11І паслаў Хірам, валадар Тыру, пасланцоў да Давіда, і дрэва кедровае, і цесьляроў, і муляроў, каб пабудавалі дом Давіду.
12І даведаўся Давід, што ГОСПАД паставіў яго валадаром над Ізраілем і што Ён узвысіў валадараньне ягонае дзеля народу Свайго, Ізраіля.
13І ўзяў Давід яшчэ наложніцаў і жонак у Ерусаліме пасьля таго, як перасяліўся з Хеўрону. І яны нарадзілі Давіду яшчэ сыноў і дочак.
14Вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон,
15Ібхар, Элішуа, Нэфэг і Яфія,
16Элішама, Эліяда і Эліфалет.
17І пачулі Філістынцы, што Давіда памазалі на валадара над Ізраілем, і сабраліся ўсе Філістынцы, каб шукаць Давіда. І Давід пачуў [пра гэта], і ўвайшоў у крэпасьць.
18І Філістынцы прыйшлі, і разлажыліся ў даліне Рэфаім.
19І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці пайсьці мне на Філістынцаў? Ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І ГОСПАД сказаў Давіду: «Ідзі, бо Я аддам Філістынцаў у рукі твае».
20І пайшоў Давід у Баал-Пэрацым, і разьбіў іх там Давід, і сказаў: «Разьдзяліў ГОСПАД ворагаў маіх перад абліччам маім, як разьдзяляюцца воды». Таму тое месца названае Баал-Пэрацым.
21І пакінулі яны там ідалаў сваіх, і захапілі іх Давід і людзі ягоныя.
22І прыйшлі зноў Філістынцы, і разлажыліся ў даліне Рэфаім.
23І Давід пытаўся ў ГОСПАДА, і Ён сказаў: «Не выходзь, але абыйдзі іх кругом і выйдзі да іх з боку дрэваў бальзамовых.
24І калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў бальзамовых, сьпяшайся, бо тады выйдзе ГОСПАД перад абліччам тваім, каб разьбіць табар Філістынскі».
25І зрабіў Давід так, як загадаў яму ГОСПАД, і перамог Філістынцаў ад Гевы аж да ўваходу ў Гэзэр.