1У сёмым годзе валадараньня Егу Ёаш стаў валадаром і валадарыў сорак гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Цыбэя з Бээр-Шэвы.
2І рабіў Ёаш слушнае ў вачах ГОСПАДА ў-ва ўсе дні, пакуль вучыў яго сьвятар Егаяда.
3Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў яшчэ ахвяры і кадзіў на ўзгорках.
4І сказаў Ёаш сьвятарам: «Усё срэбра пасьвячонае, якое прыносяць у Дом ГОСПАДА срэбра тых, што прыходзяць, і срэбра [выкупу] за душу, і срэбра, якое паводле рашэньня сэрца свайго прыносяць у Дом ГОСПАДА,
5няхай бяруць сьвятары ад знаёмых сваіх, і няхай ужываюць на направу пашкоджаньняў у Доме [Божым] паўсюль, дзе будзе знойдзена пашкоджаньне».
6Але яшчэ да дваццаць трэцяга году валадара Ёаша сьвятары не направілі пашкоджаньняў у Доме [Божым].
7І паклікаў валадар Ёаш сьвятара Егаяду і сьвятароў, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не напраўляеце пашкоджаньняў у Доме [Божым]? І цяпер не бярыце болей срэбра ад знаёмых вашых, але аддайце яго на аднаўленьне Дому [Божага]».
8І згадзіліся сьвятары ня браць срэбра ад народу, і не займацца направаю пашкоджаньняў Дому [Божага].
9І ўзяў сьвятар Егаяда скрыню, і зрабіў адтуліну зьверху яе, і паставіў яе побач з ахвярнікам з правага боку каля ўваходаў у Дом ГОСПАДА. І сьвятары, што вартавалі парогі, складалі ў яе ўсё срэбра, якое прыносілі ў Дом ГОСПАДА.
10І калі яны бачылі, што ўжо шмат срэбра ў скрыні, прыходзілі пісар валадара і сьвятар вялікі, і забіралі срэбра, якое знаходзілася ў Доме ГОСПАДА, і лічылі яго.
11І аддавалі гэтае пералічанае срэбра загадчыкам работаў, якія наглядалі за працаю ў Доме ГОСПАДА. І яны выдавалі іх на цесьляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў Доме ГОСПАДА,
12і на муляроў, і на каменяроў, і на набыцьцё дрэва і чэсаных камянёў для направы пашкоджаньняў Дому ГОСПАДА, і на ўсякія іншыя выдаткі для адбудовы Дому [Божага].
13Аднак са срэбра, што прынесьлі ў Дом ГОСПАДА, не рабілі келіхі срэбныя, нажніцы, крапільніцы, трубы або іншыя рэчы залатыя ці срэбныя для Дому ГОСПАДА,
14бо давалі яго работнікам, што напраўлялі Дом ГОСПАДА.
15І не правяралі людзей, якім давалі срэбра для выплаты работнікам, бо яны рабілі ўсё сумленна.
16Але срэбра ахвяры за правіну і срэбра ахвяры за грэх ня ўносілі ў Дом ГОСПАДА, бо яно належала сьвятарам.
17У той час Хазаэль, валадар Сірыі, пайшоў ваяваць з Гатам, і здабыў яго. І павярнуў Хазаэль аблічча сваё, каб ісьці на Ерусалім.
18І ўзяў Ёаш, валадар Юды, усе рэчы сьвятыя, якія ахвяравалі Язафат, Егарам, Ахазія, бацькі ягоныя, валадары Юды, і тое, што ён сам ахвяраваў, усё золата, якое мог знайсьці ў скарбніцы Дому ГОСПАДА і ў доме валадара, і паслаў Хазаэлю, валадару Сірыі, і ён адступіў ад Ерусаліму.
19А іншыя дзеяньні Ёаша і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
20І паўсталі слугі ягоныя, і змовіліся, і забілі Ёаша ў Бэт-Мілло, на дарозе ў Сіллу.
21Ёзавад, сын Шымэата, і Егазавад, сын Шамэра, слугі ягоныя, забілі яго, і ён памёр. І пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Амазія, сын ягоны, пасьля яго.