1А адносна складак, якія для сьвятых, рабіце і вы так, як я загадаў цэрквам Галяцкім:
2у першы [дзень] пасьля суботы кожны з вас няхай складае ў сябе і зьбірае паводле таго, як яму вядзецца, каб не рабіць складак тады, калі я прыйду.
3А калі я прыйду, пашлю тых, якіх вы вызначыце праз лісты, занесьці дар ваш у Ерусалім.
4А калі будзе варта і мне пайсьці, яны пойдуць са мною.
5Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію, бо праз Македонію праходжу.
6А ў вас, можа быць, затрымаюся, або і перазімую, каб вы мяне праводзілі, куды я пайду.
7Бо не хачу бачыць вас цяпер мімаходам, але спадзяюся застацца нейкі час з вамі, калі Госпад дазволіць.
8А ў Эфэсе я застануся да Пяцідзясятніцы,
9бо для мяне адчыненыя вялікія і зручныя дзьверы і шмат супраціўнікаў.
10Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб быў у вас бяз страху; бо ён справу Госпада выконвае, як і я.
11Дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго ў супакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
12Што да брата Апалёса, дык я шмат прасіў яго, каб ён прыйшоў да вас з братамі; ды ён зусім ня меў ахвоты, каб прыйсьці цяпер, але прыйдзе, калі будзе мець час.
13Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, умацоўвайцеся.
14Усё ў вас няхай будзе ў любові.
15Прашу ж вас, браты: вы ведаеце дом Стэфана, што ён ёсьць пачатак Ахаі і што яны аддалі сябе на служэньне сьвятым;
16дык і вы будзьце паслухмяныя гэтакім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.
17Я радуюся з прыходу Стэфана, і Фартуната, і Ахаіка, што яны дапоўнілі вашую нястачу,
18бо яны супакоілі дух мой і ваш. Дык зважайце на такіх.
19Вітаюць вас цэрквы Азійскія. Вітаюць вас шчыра ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з царквою, якая ў іх доме.
20Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго пацалункам сьвятым.
21Прывітаньне маёй рукою, Паўлавай.
22Калі хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, няхай будзе адлучаны! Прыходзіць наш Госпад!
23Ласка Госпада Ісуса Хрыста з вамі.
24Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амэн.