1І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Давіда паслоў, і дрэвы кедровыя, і муляроў, і цесьляроў, каб будаваць яму дом.
2І даведаўся Давід, што ГОСПАД умацаваў яго як валадара над Ізраілем, бо высока ўзьвялічылася валадарства ягонае дзеля народу Ягонага Ізраіля.
3І ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусаліме, і нарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.
4І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон,
5Іўхар, Элішуа, Эльпалет,
6Нагах, Нэфэг, Яфія,
7Элішама, Бээліяда і Эліфэлет.
8І пачулі Філістынцы, што Давід памазаны як валадар над усім Ізраілем, і выйшлі ўсе Філістынцы шукаць Давіда. І пачуў Давід, і выйшаў перад аблічча іхняе.
9І Філістынцы прыйшлі, і азлажылі [табар] у даліне Рэфаім.
10І спытаўся Давід у Бога, кажучы: «Ці вырушыць мне супраць Філістынцаў, і ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І сказаў яму ГОСПАД: «Руш, і Я аддам іх у рукі твае».
11І пайшлі яны ў Баал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід, і сказаў Давід: «Пабіў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады». Дзеля гэтага далі імя месцу гэтаму Баал-Пэрацым.
12І пакінулі там Філістынцы багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалілі [іх] у агні.
13І сабраліся зноў Філістынцы, і разлажылі [табар] у даліне.
14І зноў спытаў Давід у Бога, і сказаў яму Бог: «Не выходзь на іх, ухіліся ад іх і ідзі на іх з боку тутавых дрэваў.
15Калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў, тады выйдзі на бітву, бо выйшаў Бог перад абліччам тваім, каб пабіць табар Філістынскі».
16І зрабіў Давід, як загадаў яму Бог; і пабілі табар Філістынскі ад Гібэону аж да Гэзэры.
17І было праслаўлена імя Давіда па ўсіх землях, і ГОСПАД спаслаў страх Свой на ўсе народы.